/ бел /
/ рус /
/ eng /

“Алесь Пушкін і яго Беларусь” у Воршы
Браніслава Станкевіч, Ворша

Адкрыцьцё мастацкае выставы “Алесь Пушкін і яго Беларусь” сёньня стала адной з частак вялікай мастацкай імпрэзы ў аршанскім музэі Ўладзімера Караткевіча. Разам зь вядомым мастаком у Воршу прыехалі супрацоўнікі рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў”на чале з рэдактарам Барысам Пятровічам, адказны сакратар саюзу пісьменьнікаў Беларусі Анатоль Івашчанка, паэт Андрэй Хадановіч.

Зьбіраўся на сёньняшнюю сустрэчу і вядомы фундатар беларускіх мастацкіх праектаў Алесь Суша. Прыехаць ён ня змог, але дзякуючы яму ўпершыню менавіта ў Воршы адбылося першае грамадзкае праслухоўваньне новага музычнага дыску “Павей, вецер…” Гэта дыск дыск зь песьнямі вядомых беларускіх рок-выканаўцаў, напісанымі на словы Ўладзімера Караткевіча. У гэтым сэнсе аршанцам пашанцавала: прэзэнтацыя дыску ў Менску адбудзецца хіба перад Калядамі, а набыць яго можна будзе толькі ўвесну.
Самае непасрэднае дачыненьне да гэтага музычнага праекту мае і мастак Алесь Пушкін. Ён аўтар вокладкі да дыску, а таксама аўтар адмысловага дадатку з 17 малюнкаў- татуіровак, створаных паводле сюжэтаў Уладзімера Караткевіча.

(Пушкін:) “На стварэньне малюнкаў-“тату” мяне натхнілі такія творы Ўладзімера Караткевіча як “Ладзьдзя роспачы”, “Чорны замак Альшанскі”, Чазенія”, “Дзікае паляваньне караля Стаха”, лірыка славутага пісьменьніка. Я хачу, каб мастацтва “тату”, якое цяпер вельмі моднае спаміж моладзі, несла ў моладзевы асяродак нашую беларускую культуру, беларускую клясыку. Вельмі хочацца, каб малады беларус, зрабіўшы татуіроўку, абавязкова пачытаў Караткевіча! Перад прэзэнтацыяй нашага дыску мы самі з Алесем Сушам вырашылі зрабіць сабе татуіроўкі на памяць.

Думаю, да нас далучацца й нашыя аднадумцы. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, да прыкладу, зацікавіўся малюнкам паводле апавяданьня “Краіна Цыганія”; аршанец Генадзь Шэпелеў, як ён сам кажа, хацеў бы мець “каля сэрца” выяву Пагоні. Такім чынам мы, я спадзяюся, запачаткуем у Беларусі новую моду…”

Сваю выставу Алесь Пушкін прысьвяціў былой дырэктарцы музэю Іне Байковай — арганізатарцы ўсіх мастацкіх ды літаратурных сустрэчаў у музэі Ўладзімера Караткевіча, якія адбыліся сёлета. Выстава будзе экспанавацца тут да 28 сьнежня.

Радыё Свабода

www.pushkin.by©