/ бел /
/ рус /
/ eng /
Пушкін на Віленшчыне
На Пакроў Багародзіцы ў Вілейцы, у Залі выставаў урачыстай імпрэзаю адкрылася экспазыцыя твораў Алеся Пушкіна. Уласна вілейскі дзень пачаўся для мастака зь літургіі ў тутэйшай царкве.

Халодны й цёмны імжысты быў вечар за вакном, а на выставе - поўна гасьцей. Журналісты й мытнікі, бізнэсоўцы й чынавенства, мэдыкі й музэйшчыкі з Вілейкі, Маладзечна, зь Мядзельшчыны й Астравеччыны сабраліся тут. Выпадковым мінакам звонку, далібог, магло падацца, што ў залі адбываецца сямейная ўрачыстасьць. Нязмушаная гамана, жарты, кветкі, музыка. Дзеці з бацькамі...Усьвяточных уборах. Акурат на той жа дзень прыпала сёлета сьвяткаваньне Дня маці.

Партрэт маці, напісаны Алесем Пушкіным яшчэ ў 80-я гады, адкрывае выставу. Пад ім - цьмяны шэра-шэры фатаздымак савецкага жаўнера, з мудрагелістымі арабескамі подпісу. Гэтак даверліва й далікатна мастак уводзіць нас у свой рэальны сьвет, знаёмячы з уласным жыцьцяпісам. Так, гэты худзюшчы салдацік з аўганскага фота - сам Пушкін. А маці ягоная - гэтая простая кабета ў колазвароце хатніх клопатаў, у балючых турботах і неспакоі за свайго сына.

Побач - славутае палатно "Лёс майго бацькі", цэлая прыпавесьць пра жыцьцё беларуса ХХ стагодзьдзя. Бруд, кроў, пот.

Паміж партрэтамі маці й бацькі - уласны аўтапартрэт "Пленэр на Беларусі", напісаны ў 2000 годзе . Гулівэр у рамантычным уборы вакол якога ўвіхаецца стафаж з маленькіх чалавечкаў - міліцыянтаў, пажарных, разявак. Такім чынам ад пачатку экспазыцыя пабудаваная гэткім чынам, што перад гледачом мастак паўстае як прыватная асоба з канкрэтнай чалавечай біяграфіяй. Да гэтых трох твораў сэнсава далучаецца й "Нараджэньне Вясны" - вялікае палатно, прысьвечанае віцебскаму пэрыяду ў жыцьці й творчасьці Пушкіна. Нараджэньне маленькае дзяўчынкі ў прамяньні сьвятла, цяплыні й дабра. Вакол яе мандорлы - каляж з архітэктуры й архітэктонаў, партрэтаў сяброў і паплечнікаў. Успамін пра самыя цікавыя й радасныя часы свабоды й незалежнасьці.

У наступнай частцы выставы - лірычныя нацюрморты з элементамі пэйзажу. Цалкам зразумелыя й аптымістычныя. Пукаты бляск шклянога посуду, бярозаў, пладоў і капежу. Толькі ў адным з нацюрмортаў, нібы літаральным перакладам з францускае гучыць расстрэльны залп. Там, далёка, у вербалозным хмызьняку ля ракі. Гэтая падказка падрыхтоўвае гледача да цэнтральнае часткі экспазыцыі, дзе згрупаваныя палотны мастака грамадзка-палітычнага зьместу, сваеасаблівыя плякаты для сябе, як вузялкі на ўспамін-"Пад расейскімі ботамі", "Чырвоны замок", "Страта". Але гэтыя дыдактычныя, апавядальныя творы - ня ўвесь Пушкін. Абапал - інтымныя партэты сяброў і сябровак, прасьцецкія пэйзажы, без прэтэнзіяў на штосьці большае, чымсі ўласна пэйзажы, і нават далікатна напісаны ў іканапіснай манеры партрэт Сьвятое Дабравернае княжны Сафіі Слуцкай.

Дарэчы, апрычонае месца ў структуры экспазыцыі належа й рэпрадукцыям "скандальных" Пушкінскіх росьпісаў у бажніцах. Гледачы не па чутках, а на ўласныя вочы атрымалі магчымасьць пераканацца, што фрэскі ў Магілёўскай катэдры й росьпісы ў Баброўскай царкве - маштабныя рэлігійныя творы, зробленыя ў найлепшых нацыянальных традыцыях і хвараблівы ажыятаж вакол іх зусім марны, прадыктаваны адно выкрутасамі "гэнеральнае лініі" уладаў, што стварылі атмасфэру "асобага меркаваньня". Але мінае час і ўжо дапытлівыя гледачы пытаюцца ў мастака, хто ж гэта за сюжэт і што гэта за пэрсоны выяўленыя ў купале касьцельнае капліцы. Але й пасьля падрабязнага тлумачэньня яны паціскаюць плячыма й ня могуць даць рады зь якое такое падставы гэты выбітны твор найноўшага беларускага мастацтва па ранейшаму завешаны радном ад вачэй людзкіх.

Многія творы Алеся Пушкіна ўжо зажылі сваім уласным жыцьцём, незалежным ад іх стваральніка. Так адбылося з жывапісам у памянёных бажніцах. Тое ж стала з абразом Сьвятога Язахвата Кунцавіча ў Полацку, перад якім цяпер моляцца там мніхі-вуніяты й паглядзець які шчасьціць цяпер ня кожнаму. Гэтаксама нат ня ведаючы імя мастака вернікі моляцца сярод ягоных вітражоў у касьцёле Яна Хрысьціцеля, што ў менскай Серабранцы.

Гэтак сталася й з тым самым сьцягам, палатном "Зь мінуўшчыны", што мастак напісаў сваёй уласнай крывёю. Некалі гэтае скрываўленае палатно торгала за самыя нэрвы, вярэдзіла простыя маторныя пачуцьці, як рэфлексыя на вонкавую зьмену палітычных абставінаў. Неяк зацерлася ў памяці, што гэты твор быў створаны ажно ў 1989 годзе. Сёньня нат самы шчыры глядач не дае веры, што гэта й насамрэч кроў. Рыхтык як Тамаш недаверлівы... Хоць ты дазволь ім залезьці пальцамі ў цёплую рану.

Але й мастак сёньня сам спакойна глядзіць на сваю даўно запеклую крывю. А асабліва цікаўным можа й распавесьці тэхналёгію гэткага жывапісу. Зьмянілася багата чаго й ў самога мастака й у ягонай краіне. Нязьменным застаўся сэнс ягонага крывавага прычасьця, што ён прапанаваў супляменьнікам: каб перамагчы ворагаў, найперш трэба перамагчы ўласную слабасьць.

Палатно "Зь мінуўшчыны" таксама экспануецца гэтымі днямі ў Вілейцы. Яно ўключанае ў асобны сэгмэнт выставы, што ўдала склаўся ў суседняй меншай залі. Тамака ж экспануецца нізка "Беларускі рэзістанс", што аб'ядноўвае 6 партрэтаў беларускіх гэрояў-змагароў з расейскім бальшавізмам. Тамака ж экспануецца яшчэ адзін твор "Памяці змагароў", прысьвечаны беларускім гэроям паўстаньня 1863 году. Гэты твор зроблены гэтаксама нетрадыцыйна: замест фарбаў Пушкін разьмясьціў на палатне... каменьне, шэрае гранітнае каменьне, што тускла й халодна блішчыць у штучным сьвятле маленькае залі. Усе гэтыя творы аб'яднаныя адным падставовым камэртонам - ахвярнай крывёю. Для падтрыманьня гэтае ідэі былі разьвешаныя нават "скрываўленыя" бялюткія бінты, у спавівах якіх чыталіся руны, якімі напісанае палатно нашага нацыянальнага сьцягу. Такім чынам заключная частка экспазыцыі ўяўляе сабою адмысловую аўтарыю памяці палеглых за Беларусь.

На гэтай вялікай выставе Пушкін прадэманстраваў ці ня ўсе этапы свае творчасьці ад сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя да сёньня. Тут ёсьць і філігранны, сухавата-графічны жывапіс і сакавіты малюнак каляровым алоўкам, элементы інсталяцыяў і элегічныя пэйзажы ў духу нэапрымітывізма, побач суседзіць тонкія кампіляцыі ў гістарычных стылях і ўдарныя па сваёй экспрэсіі карціны-плякаты.

Але найперш на самой імпрэзе адкрыцьця перад публікаю зьявіўся сам Пушкін. Не бажавольны прарок у вярыгах і не зухаваты правакатар ў ботах, а маэстро ў навюткім смокінгу з ядвабным мятлікам брусьнічнага колеру. Стоячы ля піяніна ён уважліва сачыў за гэстамі музыкаў, затым спакойна й узважана адказваў на самыя нечаканыя пытаньні. Ягоная годнасьць і ўпэўненасьць пэўна былі найбольшым адкрыцьцём для людзей, што звыкла давалі гэтаму творцу ацэнку, паводле падачы ягонае асобы ў мэдыях. Гэтак у наўпроставай гутарцы з самымі рознымі паводле свайго досьведу людзьмі нараджаўся новы вобраз Аляксандра Пушкіна.

Клішэ кшталту "неадназначны" становяцца недарэчнымі. Пушкін - адназначна цэласная асоба й мастак зь вялікім-вялікім творчым даробкам. Нехта з усяго запомніць на ўсё жыцьцё адно ягоную каламашку гною для Лукашэнкі, а нехта сьветлыя воблікі ягоных сьвятых, нехта паківае галавою перад бела-крывавай "...Мінуўшчыны", а нехта ўпершыню даведаецца пра земляка Янку Філістовіча, родам зь Вілейшчыны. Кожнаму сваё.

Гэтая выстава, самы буйны праект мастака апошніх гадоў, разьмешчаная ў лепшай залі Вілейкі, стала магчымаю дзякуючы высілкам прыватных асобаў, сяброў мастака, сям'і доктараў Сьцебуракаў. Улады не заміналі. А людзі спрыялі. Выглядае й сярод сёньняшняе палітычнае твані ёсьць месцы, дзе мы можам паціснуць адзін аднаму рукі.

А Віленшчына, у гонар якое Алесь Пушкін намаляваў быў свой абраз "Маці Божае Вастрабрамскае" йзноў чакае яго. Гэтымі выходнымі яго будуць вітаць сябры на Астравеччыне. Тамака завяршаецца вэрнісаж, прысьвечаны памяці выбітнага дзеяча Беларушчыны, паэта й ксяндза Янкі Быліны. Менавіта ягоны партрэт і ёсьць самым новым творам Алеся Пушкіна.
Сяргей Харэўскі
www.pushkin.by©