Прасьпект Пушкіна
(часопіс ”Дзеяслоў” № 4, чэрвень 2003)

…можа, некалі скажуць,
што Пушкін уславіў Бобр,
як Шагал – Віцебск ці Тарасэвіч – Валілы…

Для расейцаў Пушкін ня толькі геніяльны паэт, але найперш адзін з сімвалаў іхняй дзяржавы нароўні з дзьвюхгаловым арлом, крамлёўскімі зоркамі ды алімпійскім мядзьведзем Мішкам. Калі расеец бачыць дзе-небудзь за межамі сваёй краіны помнік Пушкіну ці хаця б шыльду з надпісам “Калгас імя А. С. Пушкіна”, для яго гэта ня знак павагі да канкрэтнага творцы, а сімвал расейскай прысутнасці. Ну, ды хай сабе! Паэт заўжды вышэй за дзяржаву, незалежна ад таго, якая дзяржава – таталітарная, дэмакратычная, расейская… Пра гэта і сам Аляксандр Сяргеевіч пісаў у вершы: ”Я памятник себе воздвиг нерукотворный…”

Ёсць у Менску і помнік Пушкіну, і прасьпект Пушкіна. А ёсьць яшчэ ў Беларусі і жывы Пушкін – асоба, ня менш вядомая ў народзе беларускім, чым ягоны расейскі цёзка.

Мабыць, бацькі нашага героя былі людзьмі неабыякавымі да культуры ўвогуле і да літаратуры ў прыватнасці, бо назвалі сына Аляксандрам. Дзеля суцэльнага падабенства трэба, кааб яшчэ і бацькабыў Сяргеем. Але бацька ў нашага Аляксандра – Мікалай. Сам жа Аляксандр, цяпер больш вядомы як Алесь, супраць свайго расейскага цёзкі нічога ня мае. Болей за тое: ён любіць шакаваць мясцовае прарасейскае чынавенства ды іншых русафілаў гістарычным парадоксам – “Аляксандр Пушкін – беларускі нацыяналіст”. Ён – чалавек-правакацыя, ідэалагічная дыверсія. А пасьля таго, як у 1999 годзе, прабіўшыся праз тры лініі аховы, Алесь здзейсьніўперфоманс на прыступках рэзідэнцыі прэзідэнта, уся беларуская міліцыя пры слове “Пушкін!” уздрыгвае, як зенітчык пры сігнале паветранай трывогі.

У краіне, дзе замілаванасьць Расеяй – дзяржаўная палітыка, і, адпаведна, у гэтай якасьці даведзеная да абсурду (хочаш нянавісьці – загадай любіць), без пачуцьця гумару быць Аляксандрам Пушкіным немагчыма. Чалавек са слабою галавою мог бы і зламацца: усьвядоіць сябе ”истинно русским человеком”, штучна разьвіць у сябе настальгію па імперыі, ужыцца ў вобраз вялікага цёзкі пачаць пісаць на трасянцы вершы пра “інтэграцыю” і ўрэшце зьехаць у Расію. Бо як жа Пушкіну без Расіі?

Алесю і без Расіі някепска. Прынамсі, нясумна. У дадзены момант ён думае пра Італію. Бо ў кішэні ляжыць запрашэнне на ўдзел у Фларэнтыйскай біенале жывапісу, а грошай на дарогу не хапае. Ад дзяржавы пры ягоным характары дапамогі не дачакаешся. Трэба рупіцца самому. Што ж да Расіі, дык яна для Алеся ні ў якім разе не духоўная айчына, а толькі геапалітычная і культурніцкая рэальнасць. Яна у шэрагу з іншымі краінамі сьвету. Прынамсі, вядомасць у Беларусі для Алеся Пушкіна даражэйшая за славу дзе заўгодна, у тым ліку і на ўсход ад Смаленску.

Аднак Пушкін, як і кожны творца, ня супраць таго, каб пашырыць кола сваіх гледачоў, каб сьвет пабачыць і сябе сьвету паказаць. Сёлета 25 сакавіка маскоўскія беларусы, якія штогод адзначаюць Дзень Волі палітычнымі і культурніцкімі акцыямі, ладзілі ў ”белакаменнай” Алесеву персанальную выставу пад інтрыгоўным назовам: ”А. Пушкін і ягоная Беларусь”. Алесь ганарыцца посьпехам выставы. Было шмат наведнікаў, для якіх гэтая экспазіцыя стала фактычна адкрыцьцём Беларусі – краіны годнай і прыгожай. Была цікаўнасьць з боку СМІ і ўвага з боку ўраду Масквы. Была прапанова ўдзелу ў міжнароднай выставе, што неўзабаве адбудзецца ў расейскай сталіцы. Пушкін посьпех свой успрымае як належнае, маўляў, так і мае быць.

Алеся, на маю думку, ня можа ня радавацьтая акалічнасьць, што, хоць прылашчаныя мастакі РБ па старой савецкай звычцы са скуры вылузваюцца, каб спадабацца Маскве, - прадстаўляць Беларусь у сталіцу РФ запрашаюць яго, беларускага патрыёта, які не хавае сваіх поглядаў, адмоўнага станаўлення да ”інтэграцыі”, а стасункі з ”родным” чынавенствам мае традыцыйна напружаныя, каб не сказаць горш. Гэта да гонару расейцаў, якія разумеюць, што акрамя афіцыйнай, ёсьць яшчэ і сапраўдная Беларусь.

Калісьці, па маладых гадах, чытаў я кнігу ”Подсудимого звали Искусство”. То быў зборнік аповедаў пра адвечны канфлікт мастака і ўладаў. Героі кнігі – творцы, што належаць сусьветнай гісторыі: Мікеланджэла, Дам’e, Курбэ, Барлах… Па зразумелых прычынах аўтар абмінуў увагаю мастакоў-ахвяраў бальшавіцкага рэжыму, хоць ”сацыялістычны рэалізм” нямала паламаў лёсаў ды змарнаваў талентаў. Мне падумалася, калі рабіць такую кнігу на беларускім матэрыяле, дык у яе абавязкова мусіла б трапіць творчая біяграфія Алеся Пушкіна. Бо за свае мастацкія акцыі і палітычныя погляды Алесь неаднойчы патрапляў пад судовы перасьлед і турэмнае зьняволеньне (і пры СССР у часы так званай ”перабудовы”, і ў незалежнай Беларусі). Неаднойчы цэнзура здымала ягоныя работы з экспазіцыяў групавых выстаў, а персанальныя – забараняліся. Ягоны росьпіс у Магілёўскім касьцёле Сьвятога Станіслава ”на ўсялякі выпадак” да лепшых часоў зафарбаваны… Алеся пазбаўлялі майстэрні, у яго без усялякіх юрыдычных падставаў адабралі створаную ім з дапамогаю прыватных мецэнатаў мастацкую галерэю ў Віцебску. Да таго ж, дзяржаўным мастацкім зборам Беларусі забаронена набываць творы Алеся Пушкіна, а дзяржаўным СМІ – браць інтэрв’ю і ўвогуле зьвяртаць на яго ўвагу, хоць часам не заўважыць мастака проста немагчыма.

Варта адзначыць, што да ўсіх гэтых непрыемнасьцяў Алесь ставіцца па-філасофску. Каго іншага такое жыцьцё даўно прымусіла б альбо зьмяняць стыль паводзінаў і лад думак, альбо шукаць іншую прафесію і працу, а мо нават і краіну (магчыма, такое прыходзіла яму ў галаву, бо нават карціну напісаў ”Бывай, Айчына!”). Але ні сам зьмяняцца, ні краіну мяняць ён ня будзе. Алесь Пушкін успрымае гэтыя канфлікты як непазьбежныя выдаткі творчасьці, як наканаванае выпрабаваньне, праз якое творца мусіць прайсьці. Зрэшты, як праяву паўнавартаснага жыцьця.

Хэпенінгі-перформансы, станковы і насьценны жывапіс, сцэнаграфія, плакат – што б ні рабіў Алесь Пушкін, гэта заўжды важкае, асэнсаванае слова пра вечнае і надзённае, у якім удумлівы глядач здолее ўбачыць знак павагі да папярэднікаў і клопат пра будучыню. У адрозьненьне ад шэрагу сваіх калегаў, як ”авангардысцкага”, так і ”класічнага” напрамку, якія лічаць, што да іх мастацтва ўвогуле не было і пачынаецца ўсё з іх саміх, Алесь бачыць сябе спадкаемцам справы, распачатай за шмат пакаленьняў да яго. У той час, як у вачах прыхільнікаў перформансу Пушкін натуральны авангардыст, аматары жывапісу ведаюць яго як майстра рэалістычнай традыцыі (менавіта ў той якасьці яго запрашаюць на Фларэнтыйскае біенале).

Калі ўсё ж уявіць, што ў нейкім калене Алесь сваяк Аляксандру Сяргеевічу, дык сваім жыцьцём і творчасьцю ён абвяргае вядомае выслоўе, што прырода, рупліва папрацаваўшы над геніем, потым адпачывае ў ягоных нашчадках… Думаецца, што ”сонца рускай паэзіі” радуецца, назіраючы з нябёсаў за справамі свайго беларускага цёзкі. Дарэчы, першым назваў Алеся вялікім мастаком расеец – старшыня Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі на абароне дыпломаў БДТМУ ў 1990 годзе, Народны мастак РСФСР, правадзейнысябра акадэміі мастацтваў СССР Уладзімір Ветрагонскі, які лічыцца класікам савецкага выяўленчага мастацтва. Пабачыўшы дыпломную працу Алеся – велізарны насьценны роспіс ”Парнат” у інтэр’epы Рэспубліканскай школы-інтэрнату па музыцы і выяўленчым мастацтве, ён сказаў літаральна наступнае: ”Калі б гэтай работай абараняўся цэлы курс, увесь сёлетні выпуск манументалістаў, дык усе дыпломнікі атрымалі б вышэйшую адзнаку. Але гэтую працу зрабіў адзін чалавек і зрабіў выдатна. Я віншую Беларусь з нараджэньнем вялікага мастака”. Потым многія дыпломнікі спрабавалі паўтарыць подзьвіг Пушкіна: браліся за буйныя аб’екты, спрабавалі аздобіць вялікую плошчу сьценаў розных будынкаў. Алесь, можна сказаць,справакаваў гігантаманію сярод студэнтаў-манументалістаў. Але зрабіць лепш за яго ня здолеў ніхто.

Ён мастак, але пры іншых варунках мог бы стаць акторам – каб потым выбіцца ў рэжысёры і быць на сцэне гаспадаром, а не выканаўцам чужой волі. Пэўна, выяўленчае мастацтва прывабіла яго якраз высокай ступеньню самадастатковасьці. У адрозьненьне ад кіно і сцэны, дзе твор – вынік калектыўнай працы і, як правіла, бязумоўнага падпарадкоўваньня ”дырыжору”, жывапісец сам сабе і драматург, і рэжысёр, і актор. А цяпер яшчэ і менеджэр. Гэта цяжка, але свабода заўжды дорага каштуе.

Асабіста для мяне творчасьць Пушкіна каштоўная тым, што прымушае задумвацца над простымі пытаньнямі, на якія няма, ды і ня можа быць простых адказаў. Ягоныя нацюрморты, партрэты, краявіды, сюжэтныя палотны ў роўнай ступені прывабныя і для эстэта, якога цяжка чымсьці зьдзівіць, і для гледача звычайнага, які, магчыма, выпадкова трапіў на выставу. Карціны не абцяжараныя складанай сімволікай і тэхнічнымі эфектамі. Проста і зразумела – ”як у жыцьці”, хіба што крыху прыгажэй. Дык на тое і мастацтва, каб рабіць сьвет лепшым.

Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка, які быў кіраўніком кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў часе вучобы Пушкіна, прыгадвае, што іншы раз Алеся трэба было сапраўды стрымліваць, каб ён не маляваў ”занадта прыгожа”. Удакладню, што гаворка ідзе не пра тую прыгажосьць, якую называюць ”салоннай”. Проста сам Вашчанка – майстар ”суровага стылю”, і графічная вытанчанасьць жывапісу Алеся Пушкіна, відаць, падавалася яму неадпавядальнай канонам манументальнага мастацтва. Тое, што натуральна ў мініяцюры, хутчэй за ўсё ня будзе пасаваць насьценнаму роспісу. Але менавіта гэтая вытанчанасьць у спалучэнні з манументальным размахам уразіла старшыню Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі па абароне дыплому. Менавіта ў такой манеры, якая выклікае ўспамін пра класічную японскую гравюру і пра жывапіс амерыканца Эндру Уайета, напісаныя ў студэнцкія часы ”Эпітафія дзеду” і ”Партрэт маці”. Я асабіста бяз гэтых твораў не ўяўляю нашае мастацтва канца мінулага стагодзьдзя.

Але тады ж створаная і самая жорсткая карціна Алеся Пушкіна - ”З мінулага”. Чырвоная вертыкаль на белым тле. Да гэтага твору не падыходзіць вызначэнне ”жывапіс”, бо на палатне ня фарба, а кроў аўтара. Стварэньне гэтай карціны было для Пушкіна ня толькі творчым, але і сакральным актам. З твораў пазьнейшага часу найбольш вядомыя тыя, якія мастак экспанаваў на выставах суполкі ”Пагоня”. Гэта ”Рукі, якія моцна трымаюць сякеру”, ”Под российскими сапогами”, ”Пленэр у Беларусі”. У іх выразна прачытваецца палітычны зьмест, але сам мастак лічыць, што са зьменаю ўладаў зьменіцца і ўспрыманьне гэтых і ім падобных твораў. У новым часе новы глядач знойдзе і новы сэнс. Ён мяркуе, што тое, што зараз называецца ”Под российскими сапогами” зьменіць назву на ”У горад па навуку”, а потым і ўвогуле будзе ”Нацюрмортам”.

Сёньня людзі ўважліва ўглядаюцца ў росьпісы касьцёлу ў Магілёве і царквы ў Бабры, шукаюць партрэты вядомых асобаў. А каму яны, тыя асобы, будуць цікавыя праз некалькі гадоў? Хіба што гісторыкам мастацтва, якія дакладна расьпішуць, каго Пушкін зьмясьціў у пекла, а каго на неба. А людзі будуць успрымаць тыя росьпісы проста як аздобу храмаў, і ня болей за тое.

За апошнія гады Пушкін напісаў шмат рамантычных краявідаў гістарычных мясьцінаў Беларусі. Ён стварыў жывапісную эпапею роднай вёскі. Можа, некалі скажуць, што Пушкін уславіў Бобр, як Шагал – Віцебск ці Тарасэвіч – Віллы… Сёньня ж і на станковыхпалотнах і ў насьценных росьпісах Алеся Пушкіна глядач успрымае найперш вобразы звыклыя, узятыя з рэальнага жыцьця. Вока спыняецца на непрыдуманых людзях, краявідах, рэчах. У выніку праз рэаліі, якія лёгка пазнаюцца, вымалёўваецца канкрэтны час і канкрэтная краіна. Наша з вамі Беларусь. Але кааб так ”проста” і пераканаўча намаляваць свайго сучасьніка, адлюстраваць навакольны сьвет, трэба акрамя разуменьня часу мець добры мастацкі досьвед, трымаць у галаве Рафаэля, Веласкеса, Пікасо, Далі… - карацей кажучы, усю ”табліцу Мендзялеева” сусьветнай культуры.

Гісторыя культуры непарыўна зьвязаная з гісторыяй рэлігіі. Кожны мастак, які насамрэч імкнецца стварыць уласную мадэль Сусьвету, мусіць вызначыцца адносна свайго стаўленьня да яе і акрэсьліць ролю і месца рэлігіі ва ўласнай творчасьці. Дарэчы, ня сорамна быць і атэістам. Бо атэізм – гэта тая ж рэлігія, якая хіба што абыходзіцца бяз Бога. А расейскі філосаф мінулага стагодзьдзя называў атэізм ”шляхам да Бога з чорнага ходу”. Стасункі Алеся з рэлігіяй, як і ў кожнага чалавека, што мае розум, складаныя і неадназначныя. Ён бачыць у ёй сістэму маральных каштоўнасьцяў, якіх часам не хапае нашаму прагматычнаму сьвету. Рэлігійны зьмест маюць шэраг ягоных станковых твораў. Сьвятыя ў Алеся Пушкіна ня нейкія адасобленыя ад нашага сьвету, нашых клопатаў, постаці. Яны для мастака такія ж жыхары гэтай зямлі, як ягоныя маці, бацька, дзед. А вось у партрэтаў дзеячаў нацыянальнай культуры і беларускага вызвольнага чыну нечакана зьяўляецца ”іконная” ўрачыстасьць, нібыта аўтар бачыць іх кананізаванымі ў Саборы сьвятых і пакутнікаў зямлі беларускай.

Зараз Алесю Пушкіну трыццаць сем гадоў. Інстытут он скончыў трынаццаць гадоў назад. За час, што прайшоў з моманту атрымання дыплому, ім зроблена дастаткова, каб дасьледчыкам ня толькі канстатаваць факт ягонай прысутнасьці ў беларускім мастацтве, але і асэнсоўваць унёсак у нацыянальную культуру. Творы, якімі Алесь Пушкін найбольш праславіўся, немагчыма павесіць у музеі. Гэта перфомансы, тэатралізаваныя дзеі, што маюць мэтаю прыцягнуць увагу публікі да нейкага факту, зьявы або падзеі. Першы перфоманс-хэпенінг Алесь ладзіў у 1989 годзе. Ён быў прысьвечаны семдзесят першым угодкам абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Па тым часе Алесь Пушкін вучыўся на пятым курсе аддзяленьня манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Напачатку ён планаваў зрабіць у памяшканьні інстытуту выставу творчых работаў – плакатаў, прысьвечаных гісторыі Беларусі апошніх сямідзесяці гадоў: Курапаты, Чарнобыль, лінгвацыд… Пайшоў па дазвол да рэктара. Калі Васіль Пятровіч Шаранговіч пачуў пра тэматыку выставы, дык забараніў яе. Асабліва, мяркую. Рэктара шакаваў плакат, які потым фігураваў ва ўсіх дзяржаўных (а значыць - камуністычных) газетах. Выявы двух сьцягоў – бел-чырвона-белага і БССРаўскага. БССРаўскі перакрэсьлены чорнымі лініямі. Надпіс: ”Хопіць ”сацыялістычнай”, адродзім народную Беларусь!”.

Тады Алесь вырашыў зрабіць выставу перасоўнай. А каб акцыя не сарвалася, каб напярэдадні з інстытуцкай майстэрні плакаты ня скралі, перанёс іх у бункер-бомбасховішча ў двары інстытуту. Прайсьціся з плакатамі і нацыянальнымі сьцягами па прасьпекце Алесь прапанаваў аднакурсьнікам. Адмовіліся. Матывацыя такая: ”Ты, Саша, выдатнік вучобы, заняткі не прапускаеш, да таго ж - ”афганец”. Цябе, калі што, так проста з інстытуту ня выштурхнуць. А мы – хто пропускі мае, хто ”тройкі”. Так што з намі хутка разьбяруцца. Таму, даруй, ня пойдзем”. Пайшлі з Алесем іншыя людзі. (і насамрэч, калі потым на рэктара ціснулі: ”Выгони Пушкина из института!”, - Васіль Пятровіч пытаўся: ”За што? Ён выдатнік вучобы. Яшчэ пабачыце, які ён зробіць дыплом!”). З плакатамі на грудзях і на сьпіне, як ”чалавек-рэклама”, з бел-чырвона-белым сьцягам і мегафонам, праз які ён прамаўляў мінакам пра сакральную дату гісторыі – 25 сакавіка 1918 году, Алесь пасьпеў зрабіць толькі некалькі крокаў. Яго ўжо чакалі міліцыянты ў форме і кэдэбісты ў цывільным… Ішоў чацьвёрты год ”перабудовы”, да развалу СССР заставалася два гады, а мясцовае чынавенства рэагавала на грамадскія ініцыятывы так, нібыта нічога вакол не зьмянілася, і ўсё вечна будзе, як было.

Тых некалькіх крокаў па цэнтральным прасьпекце Менску з нацыянальным сьцягам у руках Алесю хапіла, каб увайсьці ў гісторыю Беларусі. У той дзень Ленінскі прасьпект быў прасьпектам Пушкіна. У той дзень у беларускім мастацтве скончыўся Савецкі Саюз.

Каб патлумачыць гэтую думку, я дазволю сабе экскурс у гісторыю. Гістарычны час не заўсёды супадае з астранамічным. Тое, што мы называем ёмістымі словамі век”, ”стагоддзе”, ”эпоха” не заўжды ўкладаецца ў пракруставы ложак ста абаротаў Зямлі вакол Сонца. Тут іншы гадзіньнік, іншы адлік. Так, ХVІІІ стагоддзе, ”эпоха каралёў” скончылася ў 1789 годзе штурмам Бастыліі, не дабраўшы да стандарту адзінаццаць год. А вось ХІХ стагоддзе праіснавала да Першай сусьветнай вайны, прыхапіўшы чатырнаццаць гадоў ад стагоддзя ХХ, а тое ў сваю чаргу – адзін год ад ХХІ (гэта было на нашых вачах: 11 верасьня 2001 году). Так у гісторыі палітычнай. А ў культурніцкай гісторыі мяжа эпохаў – гэта твор , які падводзіць рысу пад мінулым часам і праграмна сьцьвярджае эстэтыку часу новага. Такі твор мусіць быць парадаксальным, бо адначасова сімвалізуе і тупік, і прарыў.

Пачатак ХХ стагоддзя ў мастацтве - ”Чорны квадрат” Казіміра Малевіча. Гэты твор (язык не ппаварочваецца назваць яго ”палатном” альбо ”карцінай”) нарадзіўся ў той жа год, калі распачалася Першая сусьветная вайна. Гэта, так бы мовіць, на глабальным узроўні. Але ў мастацтве шэрагу рэгіёнаў і асобных краінах яшчэ доўга цягнулася ХІХ стагоддзе, працягвалася ”эпоха імперыяў”. Напачатку яна маскіруецца пад ”рэвалюцыйны авангард”, а потым прымае форму ”сацыялістычнага рэалізму”. Але і ў гэтым абліччы, у новых дэкарацыях, застаецца класіцызмам Энгра і Давіда. Праўда, з карэкцыяй на інтэлект малаадукаванага плебсу.

Так было і ў афіцыйным мастацтве Савецкай Беларусі. У манументах чужынцам, у прагінаньні перад ”старэйшым братам”, ва ухваленьні гібельных для нацыі ідэяў зафіксаваны наш ”спынены час”, несвабодны стан нашага грамадства, адсутнасьць дзяржаўнага суверэнітэту. Нефармальнае, незаангажаванае ўладаю мастацтва таксама не надае нам вялікага гонару. Яно відавочна сьведчыць, што мы спазьніліся на кірмаш сусьветнай культуры. Ганаровыя месцыўжо разьмеркаваныя. На сцэне мы мусім задаволіцца ўдзелам у масоўцы, у зале – галёркаю. Ксё ці большасьць таго, да чаго мы за ”жалезнаю заслонаю” дайшлі сваім розумам, аказалася ўжо даўно запатэнтаваным роварам, тым больш, што сьвет па той бок ”заслоны” перасеў ужо з ровару на ”мэрс”.

Я, зразумела, спрочваю сітуацыю, малюю схему, але толькі дзеля таго, каб выявіць сутнасьць. Аднак ня будзе памылковаю іншая трактоўка нашай культурніцкай гісторыі у мінулым стагоддзі. Гісторыя нашай краіны такаяж унікальная, непаўторная, як і гісторыя якой заўгодна іншай. Адпаведна, непаўторным зьяўляецца і мастацтва, якое адлюстроўвае наш гістарычны шлях. У мастацтве на вобразным узроўні фармулюецца тое, што потым адбываецца з краінай і народам. Як толькі нейкая культура з рэгіянальнай (”рэспубліканскай” па савецкай тэрміналогіі), арыентаванай на вонкавя цэнтр, становіцца самадастатковай, варта чакаць зьмены ў палетычным статусе гэтай тэрыторыі. Самабытная, самадастатковая культура – гэта, што ні кажы, сур’ёзная заяўка народу на суверэнітэт ці хоць бы на палітычную аўтаномію. У гэткім сьвятле нават такая чыста мастацкая зьява, як арыгінальная стылістыка жывапісу і графікі БССР у 60-е гады альбо зварот да этнаграфічных матываў у 70-е – пачатку 80-х гадоў, аб’ектыўна рыхтавалі грамадскую думку да палетычных пераменаў. А пачаліся тыя перамены ў сярэдзіне 80-х, калі Савецкая ўлада ліхаманкава шукала выйсьця з эканамічнага і палітычнага крызісу, а па сутнасьці – з гістарычнага тупіку. Каб захаваць на плыву ”Тытанік” савецкай імперыі, то абвяшчалася ”дэмакратызацыя”, то дэманстратыўна ”моцная рука”, то распачыналася нібыта свабодная дыскусія, то ўдакладнялася, што плюралізм можа быць толькі сацыялістычным, і гэтак далей. Скончылася агонія ў 1991 годзе, калі дзяржава – спадкаемца Расійскай імперыі – перастала існаваць як геапалітычная рэальнасьць.

А ў беларускім мастацтве, інакш кажучы – у матэрыялізаванай сьвядомасьці нацыі, імперыю пахавалі на два гады раней: 25 сакавіка 1989 году, калі мастак Алесь Пушкін выйшаў на прасьпект, што тады насіў імя Леніна, кааб галосна сказаць: ”Хопіць ”сацыялістычнай”, адродзім народную Беларусь!”.

Сёння, калі Алесь – постаць знакавая, у галаву не ўкладаецца, што ён мог стаць кімсьці іншым, акрамя як мастаком. Але з дзяцінства ён рыхтаваў сябе зусім да іншай прафесіі. Як ужо сказана ранней, паходжаннем Алесь Пушкін вясковец, нараджэнец вёскі Бобр, што на Меншчыне. У вясковым ”табелі а рангах” надзвычай высока стаіць доктар. Вось пра такую прафесію для сына марыла Алесева маці. Жыцьцёвая мудрасьць казала ёй, што ўрач патрэбны ўсім, ва ўсе часы, пры ўсех рэжымах. А значыць, калі Алесь выб’ецца ў медыкі, дык бяз працы і бяз грошай не застанецца. Да такой высновы яе падштурхоўвала і трывога за ўласнае, ня надта моцнае здароўе. І пайшоў бы Алесь шляхам ягонага сваяка, Які здолеў зрабіць медычную кар’еру, стаць выкладчыкам у Другім Маскоўскім медінстытуце. Так і было б, каб не прыехаў у вёску Бобр выкладчык Рэспубліканскай школы-інтэрнату па музыцы і выяўленчым мастацтве Пётр Пятровіч Шарыпа з заданьнем шукаць таленты. Такой знаходкай для школы-інтэрнату, а ў персьпектыве для беларускага мастацтва стаў Алесь Пушкін. Вучыўся Алесь, па ягоных словах, у школе-інтэрнаце роўна, нічым асаблівым сярод аднакласьнікаў не вылучаўся. Кажа, што у школцы ціха жылося таму, хто не выторкваўся. Праблемы былі альбо ў занадта таленавітых, альбо ў лайдакоў. Ні да першых, ні да другіх Пушкін сябе не далучае.

Школа-інтэрнат стала трамплінам у тэатральна-мастацкі інстытут. Праўда, на студэнта ўсё ж такі паклала вока Савецкая Армія, якая тады ”вызваляла” Афганістан. Давялося і Алесю наведаць гэтую краіну ў складзе ”абмежаванага кантынгенту”. Па вяртаньні дадому Пушкін дэманстратыўна адмовіўся ад належных яму дзяржаўных ўзнагародаў і ад усіх прывілеяў, якія прадугледжваў статус ”афганца”.

Афганскі эпізод у біяграфіі Алеся Пушкіна вызначыў ягонае стаўленьне да жыцьця і творчасьці. Мабыць, адтуль, з афганскіх гор вынес шараговец, тэхнік па ўзбраеньні, якому даводзілася рыхтаваць да вылету баявыя верталёты, падвешваць пад крылы ракеты, - непрыняцьце гвалту ў якіх заўгодна формах. Ні ў жыцьці, ні ў мастацтве. Калі я запытаў Алеся, ці разумеў ён тады, у 1989 годзе, чым рызыкуе, ладзячы каля інстытуту легендарны ўжо хэпенінг, - ён адказаў: ”Пасьля Афганістану я нічога не баюся”.

Калі напрыканцы 80-х гадоў зьявіліся шчыліны ў падмурку Савецкай дзяржавы, улада ўжо ня мела ні сілаў, ні сродкаў прыхарошваць фасад. Улада па інэрцыі змагалася з апазіцыяй палітычнай, а эстэтычную пакінула без нагляду. Такім чынам, мастакі апыніліся свабоднымі і беспрацоўнымі. У культуры выявіліся два супрацьлеглыя кірункі. ”Сац-арт” – зьява, блізкая па зьмесьце да крытычнага рэалізму, але на глебе досьведу масавай культуры ХХ стагодзьдзя і мастацтва камерцыйнае. Я сказаў бы, што свабода ўзору 80-х стала для беларускага мастацтва выпрабаваньнем ня менш жорсткім, чымсьці стагнацыя 60-х і тэрор 30-х гадоў. Твор мастацтва перастаў быць ”ідэалагічным прадуктам” і ператварыўся ў звычайны тавар. Для культуры гэта было шокам. Многія з тых, хто яшчэ нядаўна наракалі на адсутнасьць палітычнай свабоды і ўмоваў дзеля мастацкай творчасьці, скарысталі паслабленьне рэжыму дзеля пераводу прафесіі на камерцыйныя рэйкі.

Калі Алесь з дыпломам у кішэні пачаў самастойнае творчае жыцьцё, камерцыялізацыя мастацтва стала ўжо амаль звыклай зьявай. Паколькі адзіным яго капіталам быў талент, лёс, можна сказаць штурхнуў Пушкіна ў стыхію рынку і мастацкай прадпрымальнасьці. А паколькі ўседзець на двух крэслах складана, Творчасьць (з вялікай літары) трэба было б адкласьці на потым. Але мастак абраў менавіта Творчасьць Вялікіх грошай, у адрозьненьне ад менш таленавітых, але больш спрытных, ён дагэтуль ня мае – але імя сваё за гэты час у беларускім мастацтве сьцьвердзіў грунтоўна.

Найперш ён ”давёў да звону” сваё мастацтва хэпенінгу-перфомансу. Ягоныя перфомансы заўжды прысьвечаныя тэмам, якія хвалююць многіх людзей, у большай ці меншай ступені народ увогуле. ”Шляхам Сьвятога Язафата” – гэта праблема стаўленьня да Уніі, рэлігійнай талерантнасьці, заходняй арыентацыі нашай культуры і палітыкі. Язафат Кунцэвіч – ахвяра непрыхаванага гвалту і цынічнай палітыкі, дагэтуль нерэабілітаваны ў беларускай гісторыі: нацыя не асудзіла забойцаў, ня вынесла ім маральнага прысуду. ”Ліпеньская раніца генерала Дудаева” – праблема нашага стаўленьня да грамадзянскай вайны ў РФ. Ужо некалькі стагоддзяў Расія ня можа разьвязаць каўказскі вузел. Дзякуй Богу, гэта наўпрост не датычыць нас, народ незалежнай Беларусі. Перфомансам ушанаваў Алесь Пушкін і памяць ахвяраў Нямігі 1999 году. Апошні з ягоных перфомансаўпрысьвечаны героям вызвольнага руху Міхалу Вітушку і Усеваладу Родзьку. Іх лёс – праблема выбару, калі, знаходзячыся паміж молатам і кавадлам, каб выжыць і ў персьпектыве перамагчы, трэба рабіць стаўку на таго ці іншага акупанта. Ну і асобным радком варта згадаць перфоманс каля былога Дома ЦК КПБ…

Сац-артоўка накірунак прысутнічае і ў станковых творах Алеся Пушкіна. Але самай важнай справай апошнім часам Алесь лічыць манументальнае мастацтва. Ён марыць пра той час, калі ягоныя жорсткія перфомансы ды іншыя творы стануць непатрэбнымі, калі ў Беларусі ўсё найлепшым чынам усталюецца, і будзем мы грамадзянамі звычайнай краіны. Словы Пушкіна: ”Я хачу, каб мяне ведалі як мастака, які распісвае храмы”, - вельмі беларуская мара. Шмат хто сёньня хацеў бы не змагацца за Незалежнасьць, за выжываньне, а проста жыць і спакойна рабіць сваю справу.

Недзе на працягу апошніх 4-5 гадоў менская публіка мела магчымасьць пабачыцьперсанальныя выставы, прымеркаваныя да юбілеяў мэтраў беларускага мастацтва. Ня ставячы пад сумнеў каштоўнасьць творчасьці мастакоў старэйшага пакаленьня, мушу падзяліцца адным назіраньнем. Пасля прагляду ці ня кожнай такой выставы ўзьнікала пачуцьцё, што сёньняшні юбіляр усё жыцьцё заганяў сябе ў нейкія рамкі. Нібыта ён ад пачатку ведаў, што не для яго Луўр і Музей Гугенхейма, што ягоны ”столь” – маскоўскі Манеж. Адсюль – адпаведная тэматыка, вобразы, агульны лад і настрой. Былі ў творчай біяграфіі, вядома ж, выставы і за межамі СССР. Але зноў жа, трапіць туды можна было толькі праз маскоўскае сіта. Жыцьцё, рэчаіснасьць прымушалі гэтых, падкрэсьлю, выдатных майстроў сьцішваць свае амбіцыі, ведаць сваё месца ў ерархіі і не выторквацца без дазволу. Пакаленьне Алеся Пушкіна шчасьлівейшае ужо з тае прычыны, што мастакам цяпер ня трэба хаваць свае амбіцыі. Ім нятрэба маскаваць свае намеры пад немаведама кім прыдуманую ”беларускую сьціпласьць”.

Калі Аляксандру Сяргеевічу было столькі гадоў, колькі зараз Алесю, ён, прааналізаваўшы сваю творчасьць, зрабіў высновы:

1) ”Я памятник себе воздвиг нерукотворный, к нему не зарастет народная тропа…”;
2) ”…И славен буду я, доколь в подлунном мире жив будет хоть один пиит”;
3) ”Слух обо мне пройдёт по всей Руси великой…”

І, як высьветлілася, так яно і здарылася. Алесь Пушкін пра свае амбіцыі пакуль маўчыць. Але калі і надалей ён будзе рабіць сваю спаву так, як робіць зараз, дык у яго будуць усе падставы аднойчы працытаваць беларускага паэта Уладзіміра Жылку, які сказаў:

Увесь я не памру. Нятленнымі дарамі
Найлепшае з мяне
Запэўніць мой прасьцяг,
Пакуль Пагоні меч
Зіхціць на Вострай браме,
І рух нясе наш бел-чырвона-белы сьцяг.

Бо сьвядома ці падсьвядома на гэтую ідэю Алесь працуе з таго моманту, як упершыню ўзяў у рукі аловак.

Пётра Васілеўскі
www.pushkin.by©